МІ́НСКІЯ ЖАНО́ЧЫЯ ГАРАДСКІ́Я ВУЧЫ́ЛІШЧЫ У Мінску існавалі 3 такія вучылішчы. 1-е і 2-е пераўтвораны ў 1906 з 3-класных, 3-е — у 1909 з 2-класнага прыходскага вучылішча з рукадзельным аддзяленнем. Утрымліваліся за кошт казны і дапамогі земства. Вучэбная праграма была набліжана да курса мужчынскіх настаўніцкіх семінарый. Пры 1-м вучылішчы дзейнічалі нядзельныя жаночыя курсы пад наглядам Мінскага епархіяльнага вучылішчнага савета; пры 3-м вучылішчы ў 1914 працавала жаночая нядзельная школа Мінскага аддз. Рас. т-ва аховы жанчын. 1-е і 2-е вучылішчы закрыты ў 1916. 3-е — у 1918.

т. 10, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)